Справка по книгам 

+375 (17) 399-73-80


Пн - Чт: 8.30 - 13.00, 13.30 - 17.00

Пт: 8.30 - 13.00, 13.30 - 16.00

«Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына»: вялікая фотасправаздача

11 сакавіка ў нашай кнігарні «Дом книги «Светоч» адбылася святочная імпрэза «Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына», на якой расказалі аб лепшых, найболей адметных кнігах, якія ў 2019 годзе і раней сталі сапраўднымі падзеямі, знайшлі шырокі розгалас сярод чытачоў, аказаліся запатрабаванымі і да 1000-годдзя Брэста, і ўвогуле ў справе вывучэння гісторыі роднай старонкі.




Вядучымі святочнай імпрэзы выступілі дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна і дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт і пісьменнік Алесь Бадак.




Пад час імпрэзы гучалі вершы ў выкананні беларускіх паэтаў, а таксама песні на гэтыя вершы. Так беларускі кампазітар Алег Елісеенкаў спеў песню на словы Алеся Бадака — «Добрыя людзі».

 

Таксама ўчора адбылася прэм'ера песні «Мы дома не госці».




Пляцоўца кнігарні сабрала разам кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў, фотамайстроў, прадстаўнікоў інстытутаў улады і грамадскасці з Брэста і Брэсцкай вобласці.


С прывітальнымі словамі выступілі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, першы намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вадзім Краўчук і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вадзім Ляўковіч.








Вадзім Краўчук быў ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і распаўсюджванні энцыклапедычнага выдання «БРЭСТ 1000», прысвечанага тысячагоддзю горада Брэста, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі.



Доктар гістарычных навук, загадчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, прафесар Аляксандр Вабішчэвіч прэзентаваў юбілейнае выданне «Брест. Брэст. Brest. 1000». Кніга прысвечана 1000-годдзю Брэста — аднаго з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі.





Намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша прэзентаваў гасцям імпрэзы «Берасцейскую Біблію» — сапраўдны шэдэўр беларускага кнігадрукавання!



 

Таксама была прэзентавана кніга-манаграфія «Асэнсаванне шэдэўра. Берасцейская Біблія», якая выйшла з друку напярэдадні адкрыцця XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. У кнізе змешчаны ўсе цікавыя звесткі пра шэдэўр беларускага кнігадрукавання, які пабачыў свет у Берасцейскай друкарні ў 1563 годзе.




За значны ўклад у развіццё нацыянальнага кнігавыдання і падрыхтоўку факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі Алесь Суша быў ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.




Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны загадчык сектара выдавецкага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Дзяніс Макарэвіч і арт-дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Колорград» Кіра Сліжыкава.

 

Вядомы беларускі пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк прэзентаваў фотаальбом «Кветкавы край Беларусі», які прысвечаны Давыд-Гарадку. Фотаальбом распачаў новую серыю выданняў аб унікальных мясцінах Беларусі пад назвай «Зберагчы роднае».


Кніга падрыхтавана і выдадзена ААТ «Паліграфкамбінат імя Я.Коласа».




Калектыў «Грамніцы» з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў праспяваў для гасцёў імпрэзы народныя песні, запісаныя ў вёсцы Лобча Лунінецкага раёна.




У імпрэзе таксама прынялі удзел краязнаўцы, якія выконваюць вялікую крапатлівую працу па вывучэнні і даследванні гісторыі роднага краю.

 

Так берасцейскі гісторык і краязнаўца Валерый Мароз прэзентаваў кнігу «Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры». Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

У кнізе, на падставе шырокага кола крыніц, была зроблена спроба гістарычнай рэканструкцыі працэсу будаўніцтва і разбурэння драўляных святынь Берасцейшчыны ў 10-21 стагоддзях.




Размаўлялі і пра сусветна вядомы Нацыянальны парк «Белавежская пушча», які натхняў і натхняе многіх творчых людзей на стварэнне ўнікальных твораў мастацтва.

 

Дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын прэзентаваў 2 кнігі, прысвечаныя Белавежскай пушчы — «Беловежское диво» і «Царские охоты в Беловежской пуще. Страницы истории».




Адзін з аўтараў — беларускі арнітолаг, навуковец Мікалай Чэркас  больш падрабязна расказаў як ствараліся кнігі аб жамчужыне Берасцейскага краю і ўсёй Беларусі.

 

За шматгадовы творчы ўклад у асвятленне прыродаахоўнай і экалагічнай тэматыкі ў літаратурна-мастацкіх выданнях Мікалаю Чэркасу была аб'яўлена Падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

 



За значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай краязнаўчай літаратуры Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь былі таксама ўзнагароджаны гісторык, пісьменнік, краязнавец Валерый Мароз, гісторык, пісьменнік, краязнавец Анатоль Бензярук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, гісторык, пісьменнік, краязнавец Анатоль Гладышчук, гісторык, краязнавец Леанід Несцярчук.






Вершы класікаў Берасцейшчыны загучалі ў выкананні супрацоўніцы Брэсцкай абластной бібліятэкі імя М. Горкага.


За значны ўклад у папулярызацыю беларускай краязнаўчай літаратуры калектыву Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага была аб’яўлена Падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.




Беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў свой праект «У пошуках страчанага», які карыстаецца велізарнай папулярнасцю як у нашай краіне, так і за мяжой.




Свае вершы прачытала і вядомая беларуская пісьменніца і паэтэса Раіса Баравікова.




Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марына Васько адзначыла, што на берасцейскай зямлі ёсць шмат выдатных аўтараў, любоў да якіх прывівае Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.




Арганізатарамі імпрэзы выступілі ААТ «Белкніга», выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», выдавецтва «Мастацкая літаратура», Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

 

Фота: Яна Сабіна.

 


 


 

 

Возврат к списку