Справка по книгам 
+375 (17) 399-73-80 


Пн - Чт: 8.30 - 13.00, 13.30 - 17.00

Пт: 8.30 - 13.00, 13.30 - 16.00

Персанальнаму энцыклапедычнаму даведніку Караткевіча — быць!

Цудоўная навіна ў дзень, калі споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча!

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі» падрыхтавалі энцыклапедычны даведнік «Уладзімір Караткевіч», пад адной вокладкай якога змешчана каля 1000 артыкулаў, якія тычацца жыцця і творчасці пісьменніка!




Артыкулы прысвечаны блізкім і родным, людзям, якія мелі стасункі з ім, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тым, для каго постаць і творчасць класіка сталі сапраўднай крыніцай натхнення. Увайшлі ў даведнік і літаратуразнаўчыя артыкулы па раманах і аповесцях, найбольш значных нарысах У. Караткевіча, падрабязна разглядаюцца мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў майстар, апісваюцца месцы, дзе бываў Караткевіч, сустракаўся са сваімі сябрамі, натхняўся на новыя творы. Некаторыя артыкулы ў будучым могуць стаць паўнавартаснай тэмай для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, студэнты змогуць выкарыстаць для напісання курсавой працы, настаўнікі знойдуць шмат карыснай інфармацыі для падрыхтоўкі ўрокаў, а вучні — дадатковы матэрыял для атрымання высокай адзнакі.




Дарэчы, выдавецтва ўжо мае вопыт падрыхтоўкі такіх кніг. Некалькі гадоў таму была падрыхтавана трохтомная персанальная энцыклапедыя «Янка Купала», якраз да 135-годдзя з дня нараджэння класіка. Выданне было ўхвалена чытачамі і ў 2019 годзе атрымала Гран-пры XVI Міжнароднага конкурсу дзяржаў-удзельніц СНД «Мастацтва кнігі».

У падрыхтоўцы энцыклапедычнага даведніка «Уладзімір Караткевіч» узялі ўдзел навукоўцы вядучых ВНУ краіны, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, журналісты-краязнаўцы Уладзімір Барысенка, Сяргей Галоўка і інш. У даведніку будзе змешчана шмат ілюстрацый. Гэта і фотаздымкі з архіваў Беларусі і асабістых архіваў нашых аўтараў, рэпрадукцыі жывапісных і графічных работ, прысвечаных асобе У. Караткевіча, звязаныя з мясцінамі, дзе ён бываў.




Энцыклапедычны даведнік «Уладзімір Караткевіч»
— своеасаблівая шчырая падзяка класіку беларускай літаратуры, творчасць якога, як зазначыў у свой час А. Адамовіч, запоўніла «прорву паміж дзіцячай, нават маладзёжнай аўдыторыяй, і літаратурай для дарослых» і які сам «заняўся сур’ёзна тым, што зрабіў у Англіі Вальтэр Скот, у Расіі Лажэчнікаў і Загоскін».

Аб тым, калі даведнік з'явіцца ў продажы паведамім пазней. Сачыце за навінамі!

Возврат к списку