Справка по книгам

+375 (17) 399-73-80

Понедельник-четверг: 8.30-13.00, 13.30-17.00
Пятница: 8.30-13.00, 13.30-16.00

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку»: знаёмства з кнігай Віктара Хурсіка!

15 чэрвеня ў Мірскім замку пройдзе новы кніжны фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку»! Ён разгорнецца ў замкавым дворыку, а таксама на некаторых паверхах самога старажытнага мура. І паўсюль арганізатары абяцаюць бясплатны ўваход.

 

На пляцоўках фестывалю аббудзецца шэраг прэзентацый кніжных навінак, сярод якіх прэзентацыя сапраўды ўнікальнай кнігі пісьменніка, выдаўца, краязнаўца Віктара Хурсіка — «Vale!» (што ў перакладзе на беларускую мову значыць «Бывайце!»).

 

Так развітвалася легендарная беларуская мецэнатка Магдалена Радзівіл. Так называецца нечаканая і багатая на факты кніга пра яе слаўны лёс. Сучасны беларускі гістарычны пісьменнік Віктар Хурсік зрабіў выразную спробу праліць святло на лёс чалавека, на лёс жанчыны з роду Завішаў, якая была мецэнаткай, грамадскім дзеячам на рубяжы XIX – XX стагоддзяў, якая спрыяла выхаду ў свет беларускіх кніг. І сярод іх – зборнік неўміручай паэзіі нашага класіка Максіма Багдановіча «Вянок». А яшчэ ж быў удзел у стварэнні беларускіх школак, беларускага перыядычнага друку. Яшчэ яна дапамагала развіццю беларускамоўнага касцёла.

 

Варта заўважыць, што для стварэння паўнавартаснага партрэта Магдалены Радзівіл пісьменнік выкарыстоўвае болей як 300 гістарычных дакументаў, знойдзеных у архівах розных краін. Ёсць у кнізе і тэстамент славутай дзеячкі беларускай культуры, беларускага асветніцтва, змешчана досыць шмат фотаздымкаў. З цікавасцю чытаюцца асабістыя ўспаміны спадарыні Магдалены. У кнізе чытач сустрэнецца не толькі з магнатамі, але і з простымі сялянамі.

 

Арганізатарамі кніжнага свята выступаюць Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі філіял РУП «Белдрук», музей «Замкавы комплекс «Мір», ААТ «Белкніга».

Возврат к списку